Пакутнiк за Праваслаўе
Святы прападобнамуманiк
Афанасiй Брэсцкi нарадзiўся каля 1597 года ў набожнай сям'i брэсцкіх
гараджан Філіповічау. У маладыя гады ён быў хатнім настаўнікам у
дамах шляхты, у тым ліку і ў канцлера Літоускага Льва Сапегі. Разгульнае
жыццё, якое ён назіраў пры дварах магнатаў, толькі мацавала ў прападобным
Афанасіі намер збавіцца ад мірской мітусні і прысвяціць сябе служэнню
Богу.
У 1627 годзе Афанасій ад'ехаў у Віленскі Свята-Духаў манастыр,
дзе прыняў манаскі пострыг ад ігумена Іосіфа. Адсюль прападобны
Афанасій быў пасланы на паслушанне спачатку ў Куцеінскі манастыр
над Оршай, а затым - у Міжгорскі каля Кіева. 3 Міжгор'я праподобны
Афанасій зноў выехаў ў Вільню, дзе быў узведзены ў сан іераманаха,
а праз некаторы час прызначаны намеснікам Дубойскай абіцелі пад
Пінскам. Праз тры гады, ў 1636 годзе, абіцель аказалася ў падпарадкаванні
іезуітаў, і прападобны Афанасій перайшоў на паслушанне ў Купяціцкі
манастыр.
У 1640 годзе святы Афанасій прызначаны ігуменам Свята-Сімяонава
манастыра ў Брэсце. Прыбыўшы ў Брэст, прападобны Афанасій перш за
ўсё адшукаў старыя епіскапскія і каралеўскія граматы, якімі пацвярджаліся
спрадвечныя правы манастыра. Знайшоўшы ў граматах, што "унія
з старым Рымам, прынятая насуперак законаў Усходняй Царквы, праклята
навекі", прападобны Афанасій стаў даводзіць пра гэта адкрыта
ў храме і іншых месцах. У выніку ва ўсім ваяводстве уніяты захваляваліся,
адчуваючы вялікую трывогу.
Святы Афанасій неаднаразова ездзіў у Варшаву, звяртаўся да польскага
караля і сейма з перакананнямі і патрабаваннем абараніць правы праваслаўных,
апавядаючы пра крыўды і ўціск з боку іезуітаў і уніятаў. Да смелых
выкрыванняў падзвіжніка аднесліся з вялікім незадавальненнем і адправілі
яго на суд да Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы.
У Кіеве прападобны быў апраўданы і па просьбе браціі Брэсцкага
манастыра зноў узноўлены ў ігуменстве. Па вяртанні ў Брэст прападобны
Афанасій цалкам аддаўся манаскім подзвігам. Адасобленае жыццё інакаў
пастаянна парушалася нападамі на манастыр, здзекамі, насмешкамі
і перашкодамі.
У 1644 годзе Афанасій як парушальнік спакою быў арыштаваны, адвезены
ў Варшаву, закаваны ў кайданы і ў такіх умовах знаходзіўся больш
за год. У зняволенні святы Афанасій напісаў малітваслоўе, якое спяваў,
каб зменшыць душэўны боль. У вязніцы прападобны Афанасій напісаў
каралю Уладзіславу IV тры пасланні з просьбай абараніць Праваслаўную
Царкву ў Вялікім княстве Літоўскім.
Выконваючы волю караля, мітрапаліт Пётр Магіла пакінуў Брэсцкага
ігумена ў Кіева-Пячэрскім манастыры. Там святы Афанасій напісаў
адзін з лепшых сваіх твораў - "Дзённік" ("Дыярыуш"),
у якім выкрывалася здрадніцкая сутнасць уніі, вобразна паказана
адна з гістарычных старонак барацьбы праваслаўнага народа супраць
рыма-каталіцкай агрэсіі.
У 1648 годзе святога Афанасія зноў арыштавалі па ілжываму абвінавачванню
ў дапамозе паўстаўшым казакам. У ноч на 5 верасня 1648 г. гайдукі
прывялі прападобнага Афанасія ў сасновы бор ля вёскі Гершоны. Там
прымусілі яго выкапаць сабе яму, а потым страшэнна катавалі распаленым
жалезам, прымушаючы адмовіцца ад выказванняў супраць уніі і каталіцызму.
Не губляючы самавалодання, святы падзвіжнік мужна адказаў катам:
"Што я казаў, тое сказаў, і з тым паміраю". Пасля гэтых
слоў аднаму з гайдукоў загадалі расстраляць святога Афанасія. Уражаны
мужнасцю і стойкасцю ігумена, гайдук перад тым, як выканаць загад,
прасіў у яго прабачэння і пастырскага благаславення. Яшчэ жывога
святога Афанасія скінулі ў яму. Абаронца веры Хрыстовай павярнуўся
тварам уверх, склаў рукі крыжападобна і аддаў душу сваю Госпаду.
На працягу васьмі месяцаў цела пакутніка за Праваслаўе, засыпанае
зямлёй, ляжала без царкоўнага пахавання. Толькі ў маі 1649 года
інакі знайшлі нятленнае цела ігумена, перанеслі ў свой манастыр
і з пашанаю пахавалі ля правага кліраса ў галоўным храме брэсцкага
манастыра святого Сімяона Стоўпніка.
Прападобны Афанасій быў прызнаны святым хутка пасля сваёй пакутніцкай
смерці. У 1666 годзе ў Брэсце было складзена жыціе на польскай мове,
у якім ігумен Афанасій называецца "святым і прападобнамучанікам".
У 1816 годзе у час пажару, што здарыўся ў Брэсцкім Сімяонаўскім
манастыры, драўляны манастырскі храм згарэў, а медная грабніца,
у якой захоўваліся мошчы святога, расплавілася. Абгарэлыя часціцы
святых мошчаў прападобнамучаніка Афанасія, што ацалелі ў полымі
пажару, былі пакладзены ў каўчэг і пастаўлены для ўсенароднага пакланення.
Бог дараваў ім цудатворную сілу, пра што сведчаць шматлікія цуды
і ацаленні.
У час Першай сусветнай вайны святыя мошчы былі вывезены ў Францыю
і толькі ў 1995 годзе часціца мошчаў вернута ў Брэст і цяпер знаходзіцца
ў кафедральным Свята-Сімяонаўскім саборы горада Брэста. Храмы, асвячоныя
ў Гонар святога Афанасія, ёсць у Віцебску, Мінску і Слоніме. 3 1996
года ў вёсцы Аркадзія Брэсцкага раёна існуе Свята-Афанасьеўскі мужчынскі
манастыр.
Падрыхтавала Лідзія КУЛАЖАНКА. (газета
"Царкоўнае слова" №31, 2009 год.4-5 стр.)
|